ДЫЯЛЕКТЫ́ЧНАЯ ТЭАЛО́ГІЯ, тэалогія крызісу,
кірунак у пратэстанцкай евангелічнай тэалогіі, што склаўся ў 1920-я г. ў Германіі і Швейцарыі. Пачатак Д.т. дала праца К.Барта «Тлумачэнне і пасланне апостала Паўла да рымлян» (1919), якая стала маніфестам і праграмай новага руху. Канцэпцыі Д.т. распрацоўвалі таксама Э.Брунер, Р.Бультман, Ф.Гогартэн, П.Тыліх і інш. Д.т. выходзіла з ідэі ранняга экзістэнцыялізму і факта татальнага адчужэння чалавека, абумоўленага стратай Бога або памылковым яго ўсведамленнем. Разуменне Бога ў Д.т. канкрэтызуецца ў ідэі здольнасці асэнсаваць парадаксальнасць быцця, кульмінацыяй якой з’яўляецца спалучэнне божай любові з панаваннем зла ў свеце. Ірацыянальная дыялектыка, якая характарызуе адносіны людзей з Богам, не дазваляе чалавеку спадзявацца на ўласныя сілы і розум, а падае яму толькі надзею на божую ласку. Прадстаўнікі Д.т. аднаўлялі лютэраўскае разуменне тэалогіі, найперш як адносін чалавека і Бога, рэабілітавалі трактоўку веры як асабістага дыялогу з Богам. У 1940—60-я г. Д.т. набыла характар выключна акадэмічнай з’явы.
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)